TOP

Міграцыйны крызіс 2.0: праз Беларусь ізноў паспрабуюць дэстабілізаваць Еўропу?

Мінск прайграў колішні міграцыйны крызіс. Але “саюзнікі” могуць паўтарыць сітуацыю 2021 года – у іх не многа іншых магчымасцей дэстабілізаваць Еўропу.

4 траўня ў Мінску засядала калегія памежнага камітэта Саюзнай дзяржавы. Удзельнікі  “выпрацавалі комплекс мер па карэкціроўцы пабудовы аховы мяжы з улікам існуючых выклікаў і пагроз памежнай бяспецы”.

Сімвалічнае “супадзенне”: літаральна некалькі дзён таму нямецкая газета Bild паведаміла, што Расія рыхтуе чарговую хвалю нелегальнай міграцыі. У сакавіку на межах Еўразвяза зафіксаваныя 22,5 тысячы выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы – па статыстыцы нямецкай паліцыі, гэта на 60% больш у параўнанні з сакавіком 2022 года.

А Расія тым часам масава выдае візы мігрантам з краін Блізкага Усходу, паведамляе Bild.

Беларусі, па завядзёнцы, угатаваная роля прахаднога двара?

Пагутарылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Паўтараецца сцэнар 2021 года?

– Газета Bild збірае і аналізуе інфармацыю з сілавых крыніцаў. Сапраўды, федэральная паліцыя пэўны час ужо рэгіструе рост колькасці людзей, якія нелегальна ўязджаюць у краіну па так званым “усходнім шляху” – праз Беларусь і Польшчу. Дынаміка сведчыць пра рост нелегальнай міграцыі. Падобныя публікацыі з прагнозамі з’яўляліся і раней. Але ў гэтым тэксце ўтрымліваецца і дадатковы момант: нібыта Расія выдае візы грамадзянам з Блізкага Усходу. Гэта значыць, што паўтараецца сцэнар 2021 года.

Варта сказаць, што я і тады казаў, і паўтару цяпер: за падзеямі 21-га года ў Беларусі хутчэй за ўсё стаяла Масква.

Якім чынам Брусэль будзе змагацца, якія ў яго ёсць магчымасці? Еўразвяз больш ці менш паспяхова справіўся з папярэднім міграцыйным крызісам. Падкрэслю: больш ці менш. Першая хваля нелегальных мігрантаў была накіравана на Літву, і ў Лукашэнкі гэтая атака спрацавала вельмі нядрэнна, бо Літва, у адрозненне ад Польшчы, усё-такі прымала тых людзей, якія прасачваліся на тэрыторыю краіны. Польшча зрабіла інакш. І тое, што яна зрабіла, паўтарыла Латвія, а затым і Літва – а гэта парушэнне еўрапейскіх законаў: паводле іх, людзей, якія патрапілі на тэрыторыю Еўрапейскага Звяза і прасілі статус уцекача, нельга адпраўляць назад у Беларусь – просьбы павінны разглядацца.

У выніку ЕЗ распрацаваў тэхналогію барацьбы з нелегальнай міграцыяй. З Лукашэнкам пачалі размаўляць напрыканцы, прычым чыста фармальна. А паралельна вялася праца над тым, каб увогуле не дапусціць прыезду нелегалаў: уводзіліся санкцыі супраць авіякампаній, аказваўся ціск на Турцыю, бо менавіта праз Turkish Airlines ішоў асноўны паток недегалаў; ішлі перамовы з кіраўніцтвам Ірака і асабліва з кіраўніцтвам Іракскага Курдзістана. Еўрапейцы працавалі на месцы, што дало пэўны плён; а ў астатнім Мінск даціснулі дый яшчэ пакаралі санкцыямі за гэтую гульню.

Таму рэжым прайграў міграцыйны крызіс, ён атрымаў негатыўны вопыт. Але гэта не значыць, што не стане зноў прыбягаць да дапамогі нелегалаў.Таму спробы перакінуць нелегалаў праз мяжу, хай сабе і ў меншай колькасці, цягнуліся ўвесь гэты час.

Іншая справа, што зрабіць гэта цяпер куды больш важка, бо мяжа абсталяваная, да новага наплыву нелдегалаў падрыхтаваная і Польшча, і Латвія, і Літва. Акрамя таго, нават жорсткі адказ на мяжы ўжо не выкліча ранейшай адмоўнай крытыкі з боку іншых дзяржаў Еўразвяза, бо тут становіцца ўсё ясным: гэтавыкарыстоўванне людзей антызаходнімі рэжымамі. Дый геапалітычная сітуацыя ўжо зусім іншая: 2023 год, у Еўропе ідзе вайна.

Такая акцыя ў гэты час будзе зроблена, каб дэстабілізаваць еўрапейскія краіны.

Надзеі на “асаблівую пазіцыю” Венгрыі няма

– Варта адзначыць яшчэ адзін цікавы нюанс у гэтым кантэксце, які датычыцца Венгрыі. Тая ж займае “асаблівую” пазіцыю ў адносінах да Беларусі, крытыкуе заходнія санкцыі супраць яе. Але ў момант, калі Мінск пачаў закідваць мігрантаў, Будапешт не хістаўся з санкцыямі супраць яго, супарць Белавія. Бо Венгрыя тая краіна, якая максімальна жорстка ставіцца да пытаннязў нелегальнай міграцыі ў Еўразвязе. Гэта значыць, калі Мінск і Масква задумаюць зноў правярнуць трук з нелегальнымі мігрантамі, то хаця Венгрыю гэты крызіс наўпрост і не закране, але на яе падтрымку ў гэтым пытанні саюзнікам не прыходзіцца.

А што чакаць ад Турцыі?

– Так, можна ўявіць, што саюзнікі паспрабуюць арганізаваць новы крызіс на межах Беларусі.

Чаму менавіта зараз – таксама зразумела: надыходзіць лета, наступае спрыяльнае надвор’е, таму колькасць нелегалаў можа быць вялікая. У Расіі ёсць магчымасці арганізаваць патокі нелегалаў з усходніх краін, у тым ліку з Афганістана. Дарэчы, нелегалы адтуль стануць вельмі балючым пытаннем: мы ведаем, якая там сітуацыя, афганскія бежанцы звычайна атрымліваюць статус уцекачоў у Еўразвязе.

Іншае пытанне: якую пазіцыю зойме Анкара? Шлях з Усходу ў Беларусь і Расію ляжыць праз Турцыю – без яе ніяк не абысціся. А там хутка прэзідэнцкія выбары. І нават калі Эрдаган пераможа, то ў яго пазіцыя вельмі прагматычная: раней ініцыятары схемы задзейнічалі Тurkish airlines (гэтая авіякампанія вельмі блізкая да сённяшняга турэцкага ўрада) для перавозкі, тады на гэта адразу заплюшчвалі вочы, але калі Еўрапейскі Звяз прыгразіў санкцыямі супраць Тurkish airlines, то  першае, што зрабіла Турцыя, – адразу адмяніла рэйсмы авіякампаніі ў Мінск.

Падсумоўваючы, скажу, што саюзнікі  могуць рашыцца на новы міграцыйны крызіс, бо магчымасцяў дэстабілізаваць Еўропу ў іх не так многа. Але я не думаю, што гэта спрацуе.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.