TOP

Аляксей Дудараў: драма творцы, які апынуўся ў краіне, дзе культура незапатрабаваная

Сышоў адзін са слынных беларускіх літаратараў – драматург Аляксей Дудараў. Быў час – яго ставілі ва ўсім Савецкім Саюзе. Затым славы паменела, але напісанае – застаецца. Ягоны лёс - у пэўным сэнсе драма творцы, які апынуўся ў краіне, дзе культура незапатрабаваная. Відаць таму, як здараецца з кожным сімвалам эпохі, пасля іх сыходу застаюцца розныя, часам супярэчлівыя, успаміны і ацэнкі. Прыводзім вытрымкі з некалькіх пастоў у фэйсбуку.

Андрэй Курэйчык: Ён спрабаваў пры жыцці несці цяжар класіка

У мяне супярэчлівае стаўленне да Аляксея Дударава. Ён геній беларускай драматургіі — гэта абсалютны факт. Апошні з плеяды савецкіх гігантаў: Колас, Крапіва, Макаёнак, Дудараў. Добры чалавек. Сумленны.

Але пры гэтым, часта паступаў не па сумленні. Так бывае. Пачынаючы беларускае Адраджэнне з Быкавым, Гілевічам, Вольскім, Барадуліным, Мазынскім.

Але ў 2000-х здрадзіў іх і вырашыў стаць афіцыйным лукашэнкаўскім чыноўнікам. З таго часу Муза яго пакінула. Але нават будучы на службе Лукашэнкі, ён не быў нягоднікам і ніколі не імкнуўся падлізацца, ўлезці ў тэлеэкран.

Ён спрабаваў пры жыцці несці цяжар класіка. Я адпрацаваў з ім побач год у СТД Беларусі. Дудараў пераклаў маю п’есу на беларускую мову, узяўшы за гэта больш, чым атрымаў я як драматург. Фактычна ройялці шлі яму. Але я не быў у крыўдзе. Бо зараз я магу сказаць, што маім першым перакладчыкам быў вялікі Дудараў, класік і вечны кіраўнік Саюза Тэатральных дзеячаў Беларусі. Хай ен знойдзе свой Згублены рай.

Уладзімір Някляеў: Ёсць што ўспомніць. Як ёсць і тое, чаго нельга забыць

…Доўгія гады мы сябравалі – ён быў адным з найблізкіх маіх сяброў. І здавалася – на ўсё жыццё.

Нас развёў год 2010-ы, у які, як сказаў ён, адзін з найблізкіх маіх сяброў, я заняўся “не Божай справай”.

Сярод усіх маіх страчаных сяброўстваў, якіх пасля 2010 года парвалася, парушылася нямала, ці не найбольш я шкадую пра гэтае…

Цяпер я, можа быць, спытаў бы: “Ляксей, спроба павярнуць Беларусь да Беларусі не Божая справа? Ты пра што?..”

Але тады пытаць не стаў.

Аднойчы выпадкова сутрэліся каля кінастудыі. Ён быў так прычасаны (ці, магчыма, гэта быў парык для якіх-небудзь здымкаў), што я не адразу пазнаў яго. Спытаў (бо прычоска ягоная праз усе гады была аднолькавая): “Ты перастрыгся?” – і ён гэта так зразумеў, што ўскіпеў.

Зноў жа цяпер я думаю, што чалавечыя адносіны мусяць быць над палітычнымі дачыненнямі, перакананнямі, над любой, якую б хто ні спавядаў, верай ці ідэалогіяй, але думанне гэтае натыкаецца на рэаліі, якія сведчаць, што так не было, не ёсць і ніколі не будзе…

І ўсё ж: якое ў нас права (ясна, што не Божае) патрабаваць ад некага быць такімі ж, якімі ёсць мы? Несці гэткі самы, які мы нясем, сцяг? І я не пра (ці не толькі пра) чырвона-зялёны і бел-чырвона-белы.

Але гэта (зноў жа) праз гады. А тады: “Якое можа быць сяброўства пад рознымі сцягамі?!”

Чаму не?..

Чаму не збылося тое, пра што мы некалі дамаўляліся: пасяліцца ў розных дамах, але ў адным двары, у якім пад старой таполяй будзе стаяць старая лава, на якой мы, калі станем дзядамі, будзем сядзець вечарамі, як у ягонай п’есе “Вечар”, і ўспамінаць…

Ёсць што ўспомніць. Як ёсць і тое, чаго нельга забыць. І гэтымі нажніцамі перастрыгаюцца лёсы.

Бывай, Аляксей.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.