TOP

Менск – вось сапраўдная назва нашага горада 

Знакаміты беларускі скульптар Алесь Шатэрнік у ЗША піша ўспаміны: згадвае малавядомы дэталі жыцця ў пасляваенным Менску.

Помнік Сталіну і «пасткі памяці»

Цягам часу бывае складана ўспоўмніць, калі адбыліся тыя ці іншыя падзеі цягам, скажам,  гадоў шэсьдесят таму…

Сяброўка Паліна пытаецца, а калі гэта ў Менску знеслі помнік Сталіну?  Знеслі яго неяк нечакана, за адну ноч: учора яшчэ стаяў, а сёння – няма таго дзесяцімятровага бронзавага «правадыра народаў» на подыюме з чырвонага карарскага граніту.

Мне, маладому скульптару, было нязвыкла і цікава: як гэта можа так быць? Фантасмагорыя ,,нішто не вечнае пад поўняй». Плошча, на якой стаяў помнік Сталіну, праектавалася ў стылістыцы сталінскага неакласіцызму. Ужо быў узведзены Палац прафсаюзаў, франтон там упрыгожаны шматфігурнай круглай кампазіцыяй аўтарства майстра-скульптара Віктара Папова, які меў маскоўскую класічную рэалістычную школу акадэмічнага мастацтва.

Вось такі рэалізм – у межах свайго часу…

Адзін  маіх старых знаёмых, архітэктар, кажа, што мастак павінен быць па-за палітыкай: «Ты творчасцю займайся!». Наколькі гэта магчыма займацца толькі творчацю, не зважаючы на тое, што робіцца ў грамадска-палітычным жыццм? У лістападзе 2009 года мы з Алесем Пушкіным, які зараз пакутуе ў турме, рабілі ў Осла выставу «Мастацтва супраць дыктатуры».

Глядзелі на скульптуры Вігеланда. Пасля я спытаў Алеся: «Якое тваё уражанне? Алесь адказаў: «Пакуль не разабраўся, трэба падумаць і трэба час».

Варта дадаць, што творчасьць Вігеланда прыпадае на час ,,росквіту фашызму».

Што да Пушкіна, зараз, мяркую, ён выдатна ва ўсім разабраўся…

18 лютага 2022, А.Ш., Пенсільванія

Вуліца Рэвалюцыйная ў Менску

«Развітанне». Жанчына з гэтай кампазіцыі Алеся Шатэрніка зроблена з вобразу ягонай маці

Вярнуліся ў Менск мы ў 1945 годзе. Была ноч. Нашае сямейства сядзела на мяхах, якія маці забрала з Расеі,  дзе мы былі ў акупацыю. Сустракаў на Менскім вакзале мамін старэйшы брат, дзядзька Іван, Іван Адамавіч Юдзіцкі. Рослы чалавек, вышэй за метр восемдзесят. Нам трэба было сядзець на гэтых мяхах і ратаваць свой скарб, бо адзін з мяхоў у нас усё ж скралі злодзеі. Нічога дзіўнага – паваенны час. І вось з’уляецца дзядя Ваня, дзвюма рукамі трымаючы драўляны дрын. Так і замацаваўся ў памяці гэты родны чалавек, як легендарны герой. Калі я рабіў Вітаўта, то постаць атрымалася падобная, толькі Вітаўт трымае меч.

Летам 1945 года з мамай мы ішлі па вуліцы Мяснікова, якая паступова пераходзіла ў Рэвалюцыйную. Мне было пяць год. Што патрапіла ў свядомую памяць? Памятаю: на адным з дамоў вылучаўся балкон, упрыгожаны кавальствам, якога я не бачыў раней.

 У Менску мы жылі на вуліцы Рэвалюцыйнай у дзядзькі Івана. Гэта быў вялізны доўгі дом, а пры канцы двара было некалькі хлеўчукоў, каб трымаць кабанчыкаў, і – прыбіральня. Без яе – аніяк: цэнтр жа горада…

Друкарня «Красный печатник»

Дамы на Рэвалюцыйнай стаялі шчыльна і падзяляліся ці то праездам, ці то невялікім дворыкам. Насупраць дома № 4 быў прыбудаваны друкарскі цэх, а з левага боку была шкляная шыльда з назвай – ,,Красный печатник». Друкарня месцілася ў дзіўных цагляных прыбудовах. На прыканцы цэху была прыбудавана металічная лесвіца, па якой можна было ўзняцца на другі паверх суседняга дому, дзе таксама мясцілісяпамяшканні друкарні. Часам яна вырабляла дзіўныя «ксівы» у чырвоным каленкоравым пераплёце – ці то кэгэбісцкія, ці то міліцэйскія, ці то іншыя пасведчанні. Імі пацаны маглі хваліцца адзін перад адным. А што тычыцца адкідаў вытворчасці друкарні, якая працавала вельмі напружана, то яны скідаліся проста ў двары ў вялізныя драўляныя скрыні, дзе асабліва не залежваліся, бо печкі трэба было паліць штодня.

Яшчэ можна было набраць бабітавых палосак з наборам словаў з друкарскай вытворчасці. Палоскі бабіта лёгка плавіліся на вогнішчы, з іх пацаны адлівалі цюшкі для гульні на грошы. Ставілі горку манетаў і цюшкі кідалі, чыя бліжэй да стопкі манетаў, той разбіваў стопку першым. Асаблівай удачай было, калі адным кідком трапляў у яе. Гэта быў выйгрыш кідальніка.

Цэлы пласт мастацкай культуры

Канец дома падпіраў выраблены з цэглы кантрафорс, побач збітыя з дошак корабы вялікія, куды скідваліся адкіды паперы з друкарні, якія нагадвалі доўгія локшыны. Печкі ў доме ацяпляліся замест дроваў паперай. Раніцай жыхары дома набівалі ёй па пары мяхоў і палілі ў сваіх печках.

Ацяпляльная сістэма ў драуляных ці цагляных дамах у Менску – асобная тэма. Гэта прыгожая з мастацкага погляду керамічная кафля з геральдычнымі і расліннымі выявамі, тэмы якіх адлюстроўвалі даўніну нашага горада. Ацяпленне жытла кафельнымі печкамі – цэлы пласт мастацкай культуры. А якія выкарыстоўваліся металічныя прыстасаванні – дзверкі, камфоркі, каласнікі! Гэта проста найвысокае мастацтва і ўменне.

Нам, вярнуўшымся з Расеі, дзіўна было чытаць на чыгунных дзверках печкі слова Менск — сапраўдную назву нашага горада.

Гульні на вуліцы Рэвалюцыйнай

У доме нашым №4 было некалькі пад’ездаў. Двара для гульні не мелася. На першым паверсе пад’езда №1 калідор хлопцы выкарыстоўвалі як баскетбольную пляцоўку. Паганяць у футбол ішлі ў двор трыццатай школы — гэта аднапавярховы гістарычны будынак насупраць дома №15, дзе раней быў ,,Інбелкульт». Праз шмат год на сцяне гэтага дома размясцілі зробленую мной мемарыяльную шыльду – напамін пра ,,Інбелкульт».

Цікавы момант. Двары ў бок Нямігі спалучаліся, як правіла, дахамі, звычайна крытымі жэсццем. Хлеўчукі, аднапавярховыя цагляныя будынкі, а пад дахамі гэтых забудоў хлопцы стваралі  ўтульныя і цікавыя ,,штабы». Звычайна нешта збіралі, хавалі. Нават быў і своеасаблівы банк: цягнулі туды грошы для гульні ў «цюшку» ці “аб сценачку”. Накопленыя сродкі рыхтавалі да святаў – «Першамая» ці «Кастрычніцкай». Набывалі сітро і цукеркі.

А Васька, мой стрыечны брат, меў дома ў тумбачцы складзеныя ахайна паштоўкі маляўнічыя, блакнот і вялізны альбом з малюнкамі. А асобны патаемны «загашнік» – зялёная вялікая паперка наміналам у пяцьдзесят рублёу і сто рублёу светла-зялёнай паперы з выявай Леніна. Тумбачка захавала і мой невялікі эцюд, зроблены алеем на кардонцы ў весну 1954 года. Мне было 13 гадоў, Васілю 15.

Успамін таго часу: вялікае вандраванне пехам у пошуку натуры з Рэвалюцыйнай у  бок Батанічнага саду, адтуль да Трактарнага і ТЭЦ-3. Праз вуліцу Дняпроўскую трапілі ў раён Ангарскай. На той час яе яшчэ не існавала, а раён быў аддадзены пад забудову прыватных дамоў. Памятная вясна. Няхітры мой эцюдік. Я намаляваў: хатка, слуп электрычны і па бірузоваму небу кацяцца беларужовыя рулькі аблокаў.

Фігуры з крэму

Дзядзька Іван Адамавіч Юдзіцкі апынуўся кулінарам у высокіх партыйных кабінетах не быўшы партыйцам. Як гэта атрымалася?

Пад Менскам у Ждановічах быў санаторый, дзе падлетак, сірата, старанна дапамагаў пры сталоўцы. На яго звярнулі ўвагу, прынялі на працу, дзе і шліфавау свае майстэрства. А талент, мастацкасьць – ад прыроды.

Дзядзька Іван займаўся аздабленнем тартоў фігурамі з крэму. Пасля вайны ў Менску адбылася кулінарная выстава. Багатыя жанчыны, жонкі начальнікаў, успрымалі ўпрыгожанні на тартах як творы мастацтва. Выстава кулінарная, цэлы сад-флаўрс з ружаў. Ружы дзядзька Іван рабіў з тонка нарэзаных пласьцінак з бурака. Рабіў пасля вырабы з крэму. Часам прыносіў крэм дамоў,  крэм стаяў у шуфлядзе, куды мы дабіраліся і елі сталовымі лыжкам. Дзядзька Іван быў асабіста знаёмы з Панамарэнкам. Іван добра граў у більярд і Панамарэнка яго запрашаў.

Мы не затрымаліся ў Менску надоўга. Тым жа летам паехалі на сустрэчу з бацькам, вайсковая частка якога пасля вызвалення Прагі перабралася ва Украіну. А вось цікавая акалічнасць: Таня, мая малодшая сястра, нарадзілася ў Барысаве ў кастрычніку 1946 года. Нас трое. Я, Люся, Таня – і ўсе кастрычніцкія. Адразу пасля вайны сямейства вандравала па пасляваенных дарогах, з якіх засталіся ў памяці карцінкі жывыя і красамоўныя.

Марыя Якаўлена (бацькава мачаха) была маладою ў Амерыцы ў 1905 годзе, але пра гэта баяліся расказваць. Толькі па сакрэце. Жонка кампазітара Туранкова і Марыя Якаўлеўна – сёстры родныя.

Сталінскі віхур моцна зачапіў Аляксея Туранкова – два разы ў турме. У Пішчалаўскім замку. І дзядзьку Івану давялося па даносе пабываць, ледзь не расстралялі.

Трошкі гадоў жыў у нашым доме француз Мішэль, у пяцідзесятыя гады пасля з’ехаў на Радзіму. У яго мелісярэкламныя каляровыя часопісы з голымі цётками. Пацанам цікава, але гэта хутчэй была рэклама калготак, якіх яшчэ у Саюзе не бачылі…

Няміга

У 1948-49 годзе цэнтр Менску – гэта менавіта Верхні горад. Яшчэ былі жывыя гістарычныя гарадскія назвы. На слых мажліва было пачуць – Плошча Свабоды, Верхні рынак і Ніжні базар. З Плошчы Свабоды ад канца вуліцы Рэвалюцыйнай ішла ўніз да Нямігі Школьная вуліца. Па вуліцы Школьнай каталіся на санках і лыжах зімою.

З Рэвалюцыйнай па Школьнай спусцімся на Нямігу… Павернем налева і пабачым жыццё вуліцы: тачыльшчыкі нажніц і нажэй. У летнюю спякоту працаваў магазін «Сокі-Воды». Цёткі ў фартухах – рукі чырвоныя, як лапкі ў гусынь ад халоднай вады. Жоўты – лімонны сіроп,  чырвоны – вішнёвы, смачны вельмі. Насельнікі Нямігі – народ з гумарам і часам можна было пачуць: «У вас ёсць воды?” “Не воды, а вада!” “Ну так дайце (налейце) мне шклянку!»

 Правая частка Нямігі – камісіёнка і «Гастраном» з селядцамі і кракаўскімі кілбасамі.

Няміга – ёмкая назва вуліцы і рэчкі. Няміга, схаваная ў падзямеллі, у так званым калектары. Так і бяжыць пад зямлёю. Аднойчы быў сведкам, калі Няміга вызвалілася з затачэння ў вусці сваім пры ўпадзенні ў Свіслач, калі было спушчанае рэчышча Свіслачы для ачысткі яе дна.

Здзівіла мяне Няміга незвычайнай празрыстасцю вады, бо маё ўяўленне захавала чорную ваду ў рацэ, якая цякла пасярэдзіне вуліцы – чорная рэчка. «Чорная рэчка» – так называліся і акварэльныя фарбы знакамітай Ленінградскай фабрыкі мастакоўскіх прыналежнасцяў, такую каробачку акварэлі, выклікаючы трапятане ў «ИЗОстудыйцаў» у дадатак з калонкавым пэндзлем, выдаваў нам Сяргей Пятровіч Каткоў ці Алег Вікенцьевіч Луцэвіч у выглядзе прэміяльных.

Ніжні рынак, дзе Няміга зліваецца са Свіслаччу, – месца вельмі насычанае. Пераезд на на другі бок Свіслачы праз драўляны мост, да лазні, ці то вышэй да Опернага. Вышэй берага ўздымалася гара Менскага замчышча. Каля маста праз Свіслач добра лавілася рыба. Тамака мажліва было сустрэць гэткую мясцовую знакамітасць, як Карабан, а ўжо пару вязак плотак купіць не было праблемы.

Нашымі суседзямі на вуліцы Рэвалюцыйнай былі Ежыкавы – вялікая  кватэра на некалькі пакояў, калі яны з’ехалі, туды засялілі шматдзетную сям’ю Карабанаў. Яе галава – Юзік Карабан лавіў плотак ля маста, насупраць лазні. Карабан быў п’янтос, да яго звярталіся аматары рыбы, і ён за вязку плотак купляў чакушку гарэлкі. Мелі Карабаны пяцёра дзяцей.

Юзік Карабан – мужычок невялікага росту, спрытны такі выпівоха. Нават не прыгадаю: ці працаваў дзе і ці меў нейкую прафесію. Юзік у Менску быў слынны рыбак, да яго звярталіся салідныя людзі – аматары рыбалкі ў так званую ,,праводку». Вакол Менска хапала маляунічых прыгожых і чысьцюткіх рэчачак – Усяжа, Волма, Пціч, Свіслач. Рэчкі з хуткімі перакатамі  вады.  На кручок чапляліся ці то вялікі авадзень ці то майскі жук, і паклёўкі здараліся – лавіліся  вялізныя галаўлі ці язі. Гэтым майстэрствам і славіўся Карабан, таму да яго прыязджалі і бралі на рыбалку. Як рыбак Юзік Карабан меў вялікі аўтарытэт.

Падняўшыся да Замчышча, можна прайсці да гастранома на Нямізе, дзе цётка Соня Кравец прадавала на вуліцы вялікіх селядцоў з бочак. Лёс гэтай жанчыны, якая перажыла трагічны час Менскага гета, відаць, патрабуе асобнага ўспаміну…

Пішу гэтыя словы 30 снежня 2021 года пад Новы Год на выспах у цёплых Карыбах, а здаецца нібыта кранаю Менск, дзе маразы.

Менскі трамвай

Цікава, многія ужо і не ведаюць вуліцы Бакуніна, а гэта ж вуліца Кірылы і Мефодзія, што з плошчы Свабоды спускалася ўніз да Гандлёвай вуліцы (Зыбіцкай), да Свіслачы і праз драўляны мост паварочвала ўправа на Максіма Горкага (Максіма Багдановіча). На вуліцы Бакуніна была брукаванка, па якой пралягалі рэйкі і хадзілі трамваі №4 і 5. Маста сёння таго няма, як і трамвайнага маршрута. Тыя рэйкі былі пракладзеныя нашмат раней, па ім рушыла «конка». Мама мая распавядала пра конку ў Менску, яна памятала. А пасляваенныя трамваі ў два вагоны з утульнымі сядзеннямі з драўляных рэек былі вельмі ўтульныя і прыгожыя з пункту гледжання дызайну.

Успаміны, успамінамі, а з адлегласці ў семдзесят пяць гадоў шмат сцерлася. Так настальгічна можна са шкадаваннем успамінаць і кляштар бенедыктынак ля кінатэатра «Перамога». Здаецца, яшчэ зусім нядаўна тут хадзілі два нумары трамвая «чацьвёрка» і «пяцерка» з утульнымі сядзеннямі з драўляных рэек. З сінімі ў“чацьвёркі” і чырвонымі ў «пяцёркі» ліхтарамі, і гэтае каляровае святло надавала настрою. Здаецца,»чацьвёрка» хадзіла да Старажоўкі, на вуліцы Даўмана рабіла кола і рушыла ў зваротны бок да вакзалу.

Я маляваў такі «Трамвай нашага дзяцінства». З маста трамвай паварочваў на Горкага, сцішаў рух, што дазваляла саскочыць з падножкі трамвая на хаду.

Ужо ў юнацтве ў верасні 1959 года я на хаду саскочыў з трамвая каля Опернага, там была вучэльня мастацкая. Мы ехалі з аднакурснікамі. І Лёнік Давідзенка ды Міша Шкробат крыкнулі: «Шура, ты куды?» А я адказаў: «Да Светы Зязюлі ў ЗАГС! Распісвацца!».

Менскія кантрасты

Буйны магазін у тагачасным Менску – гастраном на Кірава, ля гасцініцы «Беларусь». Туды можна было схадзіць паглядзець і на чорную ці чырвоную ікру, і на кілбасы маскоўскія. Магазін быў для прэстыжных наведвальнікаў, бо цэны не па кішэні нават майму бацьку – доктару. Сваякі па маці Юдзіцкія не мелі вышэйшай адукацыі, але ад прыроды былі здольныя да мастацтва.  Два браты – Іван, Юзік і дзве сястры. Цётка Ганна любіла мне нагадваць, паказваючы ў неба: «Шурачка ён жа на Небе і ўсё бачыць».

Нам у Менску было магчыма ўтрымліваць двух кабаноў. З цэкоускай сталоўкі майму дзядзьку  Івану ўдавалася прыносіць два вядры адкідаў. І мая маці трымала кабанчыка – наўпрост у горадзе.

Беларусы працавітыя і вынаходлівыя. У пасляваенным Менску было шмат кантрастаў.  Працавалі тэатры і бібліятэкі. Кінатэатраў было некалькі. Паказвалі нямецкія трафейныя, а таксама амерыканскія  фільмы. Кінатэатр «Родина» – вялікі будынак на рагу Плошчы Свабоды і Рэвалюцыйнай. Праблема была купіць квіткі. І тутака працавала так званая вулічная кінамафія. Мясцовая пацанва скупляла загадзя пачак білетаў і перапрадавала. Старэйшы падлетак на мыліцах, які нагу згубіў у ваенны час, быў у змове з касіркай, гэта давала магчымасць перапрадаваць квіткі. Інтэр’ер самога кінатэатра «Родина» быў упрыгожаны шыкоўным жывапісам, вялізных памераў халсты ў багетных рамах. Сярод якіх быў Паленаў: «Пруд» – копія, зразумела, але з якім майстэрствам выкананая! І гэта было своеасаблівай модай. У магазіне «Лакамка» вісела вялізная карціна Яблонскай. Думаю, што гэта добра паўплывала на многія маладыя розумы.

Стыль «мадэрн»

Мае настальгічныя ўспаміны кранаюць тое, што засталося ад дарэвалюцыйный архітэктурнай стылістыкі старога Менску, мадэрну пачатку 20-га стагоддзя. Тады горад быў тэлефанізаваны, была электрычнасць асабліва ў цэнтры горада. Мяне цікавіла, якія былі выключальнікі, лямпачкі і праводка. Электрастанцыю, помнік прамысловай архітэктуры 19-га стагоддзя, знішчылі ўжо ў нашыя часы. Мяне вабіла разглядваць аскабалкі архітэктурных дэталяў, часам упрыгожаных шыкоўнай маёлікай, якая асацыявалася з Урубелеўскай маёлікавай керамікай. Узгадваю сэцысійны дом на рагу Плошчы Свабоды – так званы «Пассаж». Як там былі вырабленыя металічныя дажджавыя злівы! Дзівіла мяне, з якой дасканаласцю ўсе гэта зроблена. Такія, як бы незаўважныя дробязі і прага мастацтва, фармавалі і мой характар, і мой светапогляд.

 Белы касцёл

Белы касцёл Маці Божай Марыі падчас вайны быў пашкоджаны, разбомблены, пасярэдзіне – вялікая яміна, а навокал узвышаліся толькі сцены. Адна класічная калона пры ўваходзе і шыкоўная гадзіннікавая вежа, што на карціне Валянціна Волкава «Менск 3 ліпеня 1944 года». Пацанва менская, стрыечны брат мой Васька на рыштунках касцёла гулялі ў вайну. І такія гулі былі даволі небяспечныя.  Я хлопчык быў баязлівы, мама ўвесь час засцерагала: «Не бяры ніякіх металічных цацак і рэчаў, можа быць «мінка» гэта».

Згадваючы касцёл, трэба згадаць пра сутарэнні і тыя падземныя хады, якія вялі ад будынка пад зямлёю праз Рэвалюцыйную. Выходзіў падземны ход аж да Нямігі, пра гэта распавядала Ларыска, стрыечная мая сястра, яны лазілі там з сяброўкай. Гэта былі ратавальныя хады, бо Верхні горад і Плошча Свабоды – цэнтральнае гандлёвае месца з Ратушай. Казалі, што ў падзямеллях у пасляваенные часы хавалася банда, так званая «Чорная Кошка». У гэтых падземных хадах таксама гуляліся дзеці, пакуль не знайшлі там два трупы – невядома чые.

Пішу пра гэта 19 студзеня 2022 года ў 19 гадзін 19 мінут. Сёння вялікае СвятаВадохрышча, Пенсільванія, цудоўнае, надвор’е, абліуся  вадою на паветры. 

Падрыхтавала да друку Паліна Сцепаненка

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.